top of page
Дата апошняга абнаўлення:27.08.22
ЖАМЫСЛАЎЛЬСКАЯ ФУНДАЦЫЯ
Пасля смерці графа Уладзіслава сямейная спадчына засталася Яніне, яна была ўладальніцай каля 19.500 гектараў зямлі і лясоў, маёнткаў і фальваркаў на Віленшчыне і Міншчыне.
Заўсёды ў памяці Яніны ўспаміналіся доўгія размовы з мужам, у якіх ён складаў свае планы на будачае: "Цяпер мы маем расійскі ўрад. Ён не дапусціць якой-небудзь фундацыі для яго непажаданай. Але прыйдзе час, калі будзе магчымым прафінансаваць шпіталь, або іншае публічнае, народнае мерапрыемства... . Прадбачу сабе, напрыклад, як у Жамыслаўле будзе школа з інтэрнатам, дзе магла б выхоўвацца і вучыцца польская моладзь. Я бязмежна і цвёрда веру, што ты мяне разумеешь і глыбока пранікаеш у мае інтарэсы, і што ты адна здолееш здзейсніць мае намеры."
Пасля рэвалюцыі 1905-1907 гадоў, калі сітуацыя трохі супакоілася, Яніна вярнулася з Вільні і занялася завяршэннем будаўніцтва касцёла ў Суботніках, рамонтам у маёнтку і фальварках, будаўніцтвам новых леснічовак. Былі ўзведзены дзве вялікія аборы на сто галоў кароў і стайні для рабочых коней.
Насупраць уяздной брамы да палаца графіня паставіла скульптуру благаславёнай Найсвяцейшай Панны Марыі.
Пачалася Першая сусветная вайна, і Віленшчыну занялі немцы. Яніна Умястоўская разам з маці выехала з Жамыслаўля ў Вільню, а потым у Пецярбург. У 1921 годзе Яніна зноў вярнулася на Жамыслаўль, пахараніўшы ў 1917 годзе маці.
Не абмінулі ваенныя падзеі і палац. Усе каштоўныя рэчы былі скрадзены, засталася толькі частка кнігазбору. Знікла палова дабраўлянскай цэглы, пад будаўніцтва школы. Захаваўся толькі парк і сад. Праз Жамыслаўль пракаціліся і расійскія, і нямецкія войскі. Апошнія затрымаліся ў маёнтку даўжэй, выкарыстоўваючы яго для адпачынку.
Неўзабаве чарговая вайна, на гэты раз польска-бальшавіцкая (1919-1920), прайшла праз гэтую зямлю. І зноў Яніна для сваёй бяспекі пакінула Жамыслаўль, а пазней і Вільню. Вярнулася пасля пераможнай для Польшчы вайны.
У 1921 годзе Яніна становіцца маркграфіняй Умястоўскай, атрымаўшы арыстакратычны тытул ад Папы Бенедыкта ХV.
Адначасова з адраджэннем польскай дзяржавы адразу распачалася праца, якая датычыла сістэмы адукацыі, у тым ліку вышэйшай. Аднавіў сваю дзейнасць Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя. Гэтаму ўніверсітэту, да якога было рукой падаць, Яніна Умястоўская вырашыла перадаць Жамыслаўль на навуковыя мэты: 6 сакавіка 1922 года графіня Яніна Умястоўская і рэктар Віленскага ўніверсітэта прафесар Вітольд Станевіч падпісалі Акт дару.
Дар даваў падставы для стварэння фонду, мэтай якога была пабудова ў Жамыслаўле вышэйшай сельскагаспадарчай установы з інтэрнатам для студэнтаў, а таксама жаночай і мужчынскай гімназіі, з інтэрнатам на англійскі і швейцарскі ўзор.
Фонд быў створаны, але з самага пачатку ім дрэнна кіравалі. Кіраўніцтва ўніверсітэта быццам бы не ведала, што можна зрабіць з такім цудоўным дарам. Графіня Яніна Умястоўская, не могучы спакойна глядзець на тое, што робіцца з Жамыслаўлем, шмат разоў звярталася ў сенат навучальнай установы, да міністра веравызванняў і грамадскай асветы.
Урэшце, з дазволу новага рэктара ўніверсітэта, прафесара Станіслава Пігоня, які разумеў неабходнасць зменаў, 15 сакавіка 1927 года кіраўніцтва фонду перайшло ў рукі юрыста Зыгмунта Юндзілы і старшыні Віленскага сельскагаспадарчага таварыства Зыгмунта Рушчыцы. Новае кіраўніцтва, новыя людзі ўвялі сучасныя метады гаспадарання, якія неўзабаве пачалі даваць добрыя плады.
За некалькі гадоў да вайны графіня змяніла завяшчанне. Палац у Жамыслаўле яна адпісала езуітам, якія часта наведвалі маёнтак і з якімі яна была ў добрых адносінах. Потым яна выехала ў Італію, дзе і памерла 6 лістапада 1941 года. Яна перажыла шмат падзеяў, якія змянілі аблічча Віленшчыны, аднак заўсёды Жамыслаўль вяртаўся да яе.
Скульптура Найсвяцейшай Панны Марыі
Дом адпачынку для выкладчыкаў, 1930 год.
bottom of page