Дата апошняга абнаўлення:27.08.22
Многія беларусы, пабываўшы ў Польшчы, добра запомнілі “Лазенкі” ‒ знакамітую каралеўскую рэзідэнцыю апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Вядома, гэта шэдэўр архітэктуры. Але ці многім вядома, што падобны шэдэўр ёсць і ў нас?! І каб убачыць яго, трэба прыехаць сюды, на Іўеўшчыну, у мястэчка Жамыслаўль, дзе на ўскрайку знаходзіцца адна з найпрыгажэйшых сядзібаў, якая захавалася да нашых дзён. Шыкоўны палац (паводле праекта Леанарда Марконі) будавалі амаль 72 гады прадстаўнікі трох пакаленняў роду Умястоўскіх.
Кампазіцыя Жамыслаўльскага палацава-паркавага комплексу прытрымлівалася традыцыйнай для канца XVIII стагоддзя планіроўкі.
Палац уяўляе сабой класічны двухпавярховы сіметрычны будынак, які завершаны масіўным кубічным бельведэрам з руставаным парапетам. Яго арачныя вокны ўпрыгожаны каляровымі вітражамі. У цэнтры галоўнага фасада размешчана лоджыя з каланадай і бакавымі антамі. У цэнтры галоўнага фасада прамавугольны рызаліт з лоджыяй, у цэнтры дваровага ‒ чатырохкалонны порцік. У вырашэнні фасадаў выкарыстаны карынфскі ордэр. Па баках лоджыі і галоўнага фасада ‒ прастакутныя ўваходныя праёмы з гаўбцамі над імі. З тарцовых бакоў выступаюць нізкія прыбудовы з адкрытымі тэрасамі над імі. Планіровачнае ядро ансамбля ‒ мураваны палац і 2 сіметрычныя двухпавярховыя флігелі, якія ўтвараюць парадны партэр з круглым газонам.
Центральную алею перад палацам замыкаюць мураваная брама і альтанка.
Унутраная планіроўка Жамыслаўльскага палаца ‒ анфіладна-калідорная, з квадратнай залай у цэнтры. Захаваліся тры кафляныя печкі XVIII-га стагоддзя. Інтэр’еры мелі паркетную падлогу, мармуровыя каміны, сценавыя панэлі. Палац быў абстаўлены мэбляй, створанай мясцовымі майстрамі. Але для вырабу паліраванай мэблі, эскізы якой графіня Умястоўская часта рабіла сама, яна запрашала майстроў з-за мяжы.
Але не ўсё задуманае Юзэфа Умястоўская змагла ўвасобіць у жыццё. Яе падкасіла смерць малодшага сына, яна памерла ў 1877 годзе. Справу маці працягваў сын ‒ Уладзіслаў Умястоўскі. Хутка па шлюбе з Янінай Астрарог-Садоўскай граф прыехаў у Жамыслаўль.
На другім паверсе з аднага боку знаходзіўся салон для прымання гасцей, а з другога – бібліятэка. У ёй быў багаты кнігазбор з калекцыяй каштоўных і рэдкіх польскіх выданняў. Сабраў іх апантаны аматар і бібліяфіл Альберт Умястоўскі, брат Уладзіслава, які, калі быў халасты, сабраў яшчэ каштоўную калекцыю штыхаў і польскіх манет. Усё гэта з мэтай годнага абсталявання інтэр’ера палаца.
З першых жа гадоў жыцця, вялікая ўвага надавалася добраўпарадкаванню тэрыторыі вакол палаца. Для кіравання працамі ў парку і садзе граф Уладзіслаў наняў французскага спецыяліста Жамэ з Верак каля Вільні. Палац разам з садам ствараюць сіметрычна-восевую структуру, тэрыторыю якой вызначаюць чатыры каменныя межавыя слупы. Насупраць палаца быў зроблены новы пад’езд. Уздоўж дарогі да палаца граф Уладзіслаў і графіня Яніна пасадзілі 24 ліпы. Яны і цяпер уздымаюць высока свае зялёныя кроны. За ліпамі ў рэпрэзентатыўнай частцы парку былі пасаджаны клёны, вязы і яліны, сярод іх ‒ рэдкія экземпляры востралістага клёна Шведлера, сібірскай кедравай сасны, бярозы махрыстай. Самым каштоўным экземплярам з’яўляўся пенсільванскі ясень. Парк пейзажнага тыпу, плошча каля 7 га, падзелены ракой на две часткі.
Пасля смерці графа Уладзіслава адзінай гаспадыняй усіх маёнткаў стала графіня Яніна Умястоўская.
Функцыянальнае прызначэнне палаца часта мянялася. Рэзідэнцыя шляхецкага роду падчас Першай Сусветнай Вайны стала санаторнай зонай для параненых нямецкіх салдат і афіцэраў. Немцы бязлітасна разграбілі багацці з графскага палаца, а ў самім палацы многае знішчылі. Дываны, посуд, люстры, карціны, бібліятэка ‒ усё гэта знікла.
Па розных звестках, альбо яшчэ ў канцы 19-га стагоддзя, альбо адразу пасля заканчэння Першай Сусветнай Вайны, альбо толькі ў 1930 годзе, але ўсё ж маёнтак быў перададзены пад навукова-практычную базу Віленскага ўніверсітэта.
Прайшлі гады... Пранеслася над Жамыслаўлем віхура Другой сусветнай вайны... На сценах старых будынкаў засталіся выбоіны ад куль і асколкаў снарадаў, а некаторыя будынкі былі знішчаны зусім, і аб іх напамінаюць толькі рэшткі фундаментаў. Час няўмольны і бярэ сваё.
Асобныя будынкі былога маёнтка знайшлі новае прызначэнне, адрамантаваны і выкарыстоўваюцца зараз. У савецкі час у палацы размяшчалася праўленне мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства, мясцовыя выканаўчыя органы ўлады, клуб, бібліятэка і нават аддзяленне сувязі.
Палац у аграгарадку Жамыслаўль пустуе з 2006 года. Асноўныя страты будынку нанёс пажар, які адбыўся 18 мая 2012 года. Цяпер восеньскія дажджы і зімовы холад з кожным годам павольна, але дакладна руйнуюць будынак: ён часткова закансерваваны, зачынены вокны і дзверы. Ён знаходзіцца ў аварыйным стане і поўнасцю зачынены для наведвання.
Палаца-паркавы комплекс некалькі разоў спрабавалі прадаць пад рэстаўрацыю, каб зберагчы для нашчадкаў гэтае месца. У 2015 годзе комплекс быў набыты замежным інвестарам, але рэканструкцыя помніка архітэктуры не ажыццяўлялася. Гісторыка-культурны аб’ект зной вярнулі дзяржаве.
У 2017 годзе ўладальнікам комплекса стала мінская будаўнічая кампанія “Градитель”, якая ўваходзіць у групу кампаній “Гмах”. Палац у Жамыслаўлі быў прададзены пры ўмове, што там з’явіцца аб’ект турыстычнага прызначэння. Падпісаны быў ахоўны дагавор, па якому новы ўладальнік не меў права змяняць архітэктуру. Кантраляваць правядзенне работ павінна было Міністэрства культуры.
Так палац выглядае цяпер. Нягледзячы на тое, што мінулі стагоддзі, тут па-ранейшаму адчуваецца далёкі дух рамантызму.
Вельмі спадзяёмся, што палац адновяць. Спяшайцеся наведаць гэты ўнікальны сядзібны комплекс у Жамыслаўлі ‒ адно з найпрыгажэйшых гістарычных месцаў у Беларусі!