top of page
Дата апошняга абнаўлення:27.08.22
Туркевіч Яніна Антонаўна
(1920-2020 гг.)
— перадавая даярка саўгаса “Жамыслаўль”, кавалер двух ордэнаў Леніна.
Туркевіч Яніна Антонаўна нарадзілася 4 студзеня 1920 года ў мястэчку Ліпнішкі. Яе бацькі – Антон і Станіслава Горбачы – былі родам з Жамыслаўля, але ў маладосці паехалі працаваць у маёнтак Ліпнішкі да пана Вольскага.
У Ліпнішках Яніна скончыла 6 класаў польскай школы і з юнацкіх гадоў пайшла працаваць да пана Вольскага на палявыя работы.
У 1938 годзе сям’я Горбачаў пераехала з Ліпнішак у родныя мясціны – фальварак Рудню графіні Яніны Умястоўскай. У 1939 годзе Яніна выйшла замуж за мясцовага хлопца Станіслава Туркевіча. Ён працаваў паляводам, а Яніна – даяркай у маёнтку. Маёнтак Рудня графіня Умястоўская ў 1927 годзе перадала Віленскаму сельскагаспадарчаму таварыству.
У 1940 годзе ў сям’і Туркевічаў нарадзілася дачка Ірына. Але мірнае жыццё ў 1941 годзе абарвала вайна.
У 1944 годзе, пасля вызвалення Іўеўшчыны, бацька Яніны Антон Горбач і муж Станіслаў Туркевіч былі прызваныя ў ваенкамат і пайшлі на фронт. З вайны яны не вярнуліся.
Яніна адна гадавала дачку Ірыну і працавала даяркай на ферме саўгаса “Жамыслаўль”, які быў створаны на базе былых уладанняў графіні Яніны Умястоўскай.
У групе кожнай даяркі было да 20 галоў стада. Праца даярак пачыналася ў чацвёртай гадзіны раніцы – заканчвалася апоўначы. Працавалі без падменных даярак, без выхадных і святочных дзён, ды і зарплаты былі невысокія.
Побач з фермай працаваў саўгасны спіртзавод. Адходы вытворчасці – аджымы зярнят з соладам ішлі на корм жывёле. Таму на ферме “Жамыслаўль” былі самыя высокія надоі малака ў саўгасе, а ў Яніны Антонаўны – большыя, чым у іншых даярак.
Стараннасць Яніны Туркевіч прыкмеціла кіраўніцтва. Перадавая даярка на працягу 10 дзён прадстаўляла Іўеўскі раён на абласной сельскагаспадарчай выставе.
У 1954 годзе Яніна Антонаўна Туркевіч прадстаўляла наш раён і рэспубліку на Усесаюзнай выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР.
У 1971 годзе за высокія паказчыкі ў жывёлаводстве яе праца была адзначана вышэйшай узнагародай СССР – ордэнам Леніна.
У 1970-я гады ў саўгасе на высокі ўзровень была пастаўлена селекцыйная работа, закуплены каровы эстонскай пароды. Абноўленае стада на ферме дало магчымасць перадавой даярцы Яніне Туркевіч атрымліваць за дзень па 30 літраў малака ад каровы. У 1973 годзе на сцэне раённага Дома культуры ёй быў уручаны другі ордэн Леніна.
Яніна Антонаўна Туркевіч 40 гадоў адпрацавала на жамыслаўльскай ферме. З 1975 года яна на заслужаным адпачынку. Неаднаразова выбіралася дэпутатам сельскага і раённага Саветаў. 22 красавіка 2020 года Яніны Антонаўны не стала.
Ордэн Леніна чацвёртага тыпу (1943-1991 г.)
bottom of page