top of page
Палац-фота.jpg
Прыгожыя ў нас мясціны! І прыгожыя яны ў любую часіну: узімку аб’інеўшыя лясныя шаты схіляюцца над ракой нібы казачныя істоты; увесну лес поўніцца птушыным гоманам і цудоўнымі першымі кветкамі; улетку тут неабсяжныя багацці лясных дароў; літаральна на кожнай сцяжынцы сустрэнеш знаёмых і незнаёмых людзей.
​
А ўнізе спакойна і павольна цячэ Гаўя, несучы свае воды Нёману. Уздоўж Гаўі практычна зліліся ў адну дзве вёскі – Жамыслаўль і Шаркуці. Гаўя звілістай стужкай дзеліць Жамыслаўль на 2 часткі.
​
З чатырох бакоў вядуць да гэтага месца чатыры  дарогі.  І з      любой з іх яшчэ здалёк бачны пілоны – слупы, якія абазначаюць межы Жамыслаўльскіх уладанняў. На гэтых слупах умацаваны гранітныя пліты з надпісам на польскай мове: "Маёнтак – дар графоў Умястоўскіх Віленскаму ўніверсітэту для навуковых мэтаў". Чытаючы гэты надпіс, мы разумеем, што гэта ўсяго толькі адна старонка з гісторыі Жамыслаўля...  А што ж было раней? Чаму вёска называецца гэтак незвычайна? Каго яна славіць сваёй назвай?
 
Афіцыйныя дакументы Рэчы Паспалітай кажуць аб тым, што на іх старонкі Жамыслаўль трапляе дастаткова позна – у пачатку XVII-га стагоддзя. У дакументах таго часу паселішча згадваецца з польскай назвай "Zemloslaw". Назва пайшла ад прозвішча былых уладальнікаў тутэйшых месцаў Жэмлаў. Былі яны прадстаўнікамі шляхецкага роду, гістарычныя дакументы згадваюць імя Яна, Якуба і Ежы  Жэмлаў.
​
Спачатку гэтая зямля мела іншыя назвы. Утваралі яе некалькі частак, з якіх самымі вялікімі былі маёнтак Кандрацішкі на рацэ Гаўя і фальварак  Пятроўшчына. Меншыя ўладанні насілі назвы Пагаўя, Прыбышэўшчына, Абрамаўскі маёнтак.
​
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе маёнтак апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. Тутэйшы край ужо не гэтак высока шанаваўся сярод магутных магнацкіх родаў. Але Жамыслаўлю пашанцавала. Праз доўгі ланцужок куплі-продажу ён у 1807 годзе стаў уласнасцю графа Якуба Умястоўскага. Якуб перанёс сюды з Клявіцы сваю рэзідэнцыю, значна пашырыў уладанні сям'і: выкупіў ад Радзівілаў Суботнікі; Квяткоўцы; набыў паблізу пару фальваркаў, заклаў новыя (Роцкішкі, Казімірава і Людвінаў). Граф разам з жонкай Ганнай адразу заняўся таксама і пабудовай новых гаспадарчых будынкаў: спірзавода, мураванага свірна, бровара і інш.
​
Калі ў 1809 годзе паміраў Якуб, кіраванне ўсёй маёмасцю ён даручыў  свайму брату Тамашу.  Ён быў добрым  гаспадаром. Тамаш памёр у 1822 годзе, і сыны Якуба – Антоні, Людвік і Казімір – атрымалі спадчыну бацькі.
​
Пры Казіміры Умястоўскім сядзіба папоўнілася 2-хпавярховай лядоўняй для захоўвання прадуктаў, флігелямі і аранжарэяй. Па абодва бакі ад драўлянага палаца былі пабудаваны дзве афіцыны, якія былі злучаны са стайнямі для выязных коней. Гаспадар быў вялікім аматарам коннай язды.
​
Казімір Умястоўскі значна пашырыў уладанні: купіў маёнтак Канвелішкі з мястэчкам і лясамі. На месцы высечаных лясоў ён заснаваў чарговыя фальваркі: Явелі, Каралейгі і Альбертын. Каля 1861 года ў склад маёнтка Жамыслаўль уваходзіла 13 мясцовасцяў.
 
Пасля смерці Казіміра маёнтак адышоў да яго жонкі Юзэфы, якая задумала перабудаваць сядзібу, і ў 1863-1877 гадах на месцы старога драўлянага дома ўзвялі сапраўдны каменны палац. Велічны сядзібны дом пабудавалі на вобраз і падабенства варшаўскіх "Лазенак". Цяпер пастаянным заняткам Юзэфы стаў аб'езд фальваркаў для кантролю за станам гаспадаркі. Асабліва часта наведвала яна Роцкішкі, дзе гадавала жарабят.
​
​
​
​
​
 
 
 
Пасля смерці Юзэфы Умястоўскай (1877 г.) Жамыслаўль па спадчыне стаў уладаннем графа Уладзіслава Умястоўскага –  яе сына, апошняга з радавой дынастыі Умястоўскіх.
 
У 1882 годзе ў 49-гадовым узросце  граф  Уладзіслаў Умястоўскі ажаніўся з Янінай Астрарог-Садоўскай, дачкой знакамітага магната з Валыні. Да Жамыслаўля Уладзіслаў і Яніна сілкавалі асаблівую любоў: яны давялі да розуму інтэр'еры палаца і вялі ўзорную гаспадарку.
​
Аднойчы Уладзіслаў і Яніна з'ездзілі ў Венецыю і засталіся ў  такім захапленні, што надумалі здзейсніць у сваім маёнтку нешта такое, што будзе нагадваць ім аб тым выдатным падарожжы. Яны вырашылі пракласці на раццэ Гаўя спецыяльныя каналы і засадзіць ўсё дрэвамі. Атрымаўся цэлы парк – "Венецыя". Уладзіслаў Умястоўскі асабіста сачыў за многімі гаспадарчымі работамі.

​

Маючы вялікія лясныя багацці, граф вёў лесараспрацоўку. Ахвотна выкарыстоўваў новаўвядзенні і тэхнічныя палягчэнні ў працы. Многае рабілася для паляпшэння ўрадлівасці глебы і якасці сыравіны. Для навуковай арганізацыі палявых работ граф запрасіў вучонага агранома з Варшавы Людзвіга Рымана. Прымяняліся сельскагаспадарчыя машыны, для якіх на гаспадарчым двары быў узведзены спецыяльны будынак. Працаваў водны млын на Гаўі. Каля в. Дабраўляны працавала свая цагельня. У 1885 годзе нанава быў перабудаваны спіртзавод. Была ў маёнтку і свая багатая пчоламі пасека і сад.
​
Пры палацы была багатая бібліятэка, якую сістэматызаваў спецыяльна запрошаны прафесар з Львова Стэфан Дэмбіцкі.
​
Вялікая ўвага ўдзялялася добраўпарадкаванню дарог і сувязі. У Жамыслаўле была свая пошта з тэлеграфам.
 
Адной з вялікіх спраў графа Умястоўскага было будаўніцтва новага касцёла ў Суботніках. Будаўніцтва касцёла было завершана ў 1904 годзе, а ў студзені 1905 года Уладзіслаў раптоўна памёр у Вільні.
​
Стаўшы ўладальніцай усіх маёнткаў, графіня Яніна некаторыя свае ўладанні папродала яшчэ да Першай сусветнай вайны. Шмат часу праводзіла за мяжой: неспакойны час настаў для шляхты – частыя сялянскія бунты. 
​
Але нягледзячы на цяжкасці, як і раней выконваліся ўсе гаспадарчыя справы. Асаблівым клопатам графіні былі лясы. Паблізу ад Жамыслаўля вырубка лесу не вялася: на дошкі прывозілі ясені, клёны, дубы з іншых лясоў.
 
Выбухнала Першая сусветная вайна... . У 1914 годзе багатая сядзіба на маляўнічым беразе ракі стала курортам для нямецкіх салдат, а потым яе разрабавалі і вывезлі ўсе: карціны, гравюры і мэблю. Палац застаўся ў сумным стане, раскошныя інтэр'еры Яніна так і не змагла аднавіць.
​
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Жамыслаўль абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі, а 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасці з пастановай І з’езду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР.
​
Графіня вырашыла падарыць маёнтак Віленскаму універсітэту – каб стварыць там вышэйшую сельскагаспадарчую навучальную ўстанову з інтэрнатам для студэнтаў і жаночую і мужчынскую гімназіі. 6 сакавіка 1922 года у прысутнасці натарыуса Адольфа Змачынскага і рэктара Віленскага ўніверсітэта Віктара Станевіча графіня падпісала акт, якім узаконьваўся яе дар універсітэту.
 
Яніна Умястоўская пераехала ў Рым і ў Жамыслаўль больш не вярталася. Памерла яна ў 1941 годзе ў Варшаве.
​
У савецкія часы ў палацы "засядала" праўленне саўгаса, працавалі пошта, клуб і бібліятэка.
У 50-ых, калі на Гаўі вырашылі пабудаваць ГЭС, вадасховішча затапіла "Венецыю". Астравок з бярозамі, – гэта як раз тое месца, дзе стаяў млын.
​
​
​
​
​
​
​
 
 
У 2000-я гады Жамыслаўль атрымаў афіцыйны статус аграгарадка. У 2006 годзе тэхнічны стан быў прызнана аварыйным і пачынаючы з 2006 года яно ніяк не выкарыстоўваецца.
​
У 18 мая 2012 годза ў Жамыслаўлі здарыўся пажар – сядзіба моцна пацярпела і з тых часоў паволі прыходзіла ў заняпад.
 
На жаль, раскошныя інтэр'еры і багатая калекцыя прадметаў мастацтва не ацалелі, але нават у такім стане размах маёнтка зачароўвае.
Пілоны.jpg
Пілон. Фотаздымак 2009г.
Афіцына. Фотаздымак пач. ХХ ст.
ЖЕМЫСЛАВЛЬ-2.jpg
Каралеўская рэзідэнцыя "Лазенкі"
ў Варшаве.
Варшаўскія Лазенкі..jpg
ГЭС.png
ГЭС. Фотаздымкі 1952 г.
Палац Умястоўскіх. Малюнак Н.Орды.jpg
Палац Умястоўскіх. Малюнкі  Н.Орды.
Палаца-паркавы комплекс Умястоўскіх . Ма
Венецыя.png
Частка былога парку "Венецыя".
Рисунок3.png
bottom of page