top of page
обложка

ФОТАФАКТЫ

 Урок малявання
"Ясная,светлая,чыстая,пяшчотная, белая - Беларусь"

17.02.2022

Літаратурная квэст-гульня
"Беларусь з блакітнымі вачыма"

    У межах праекта “Беларускі чацвер. Мы малюем Беларусь” на працягу 2022 года супрацоўнікі ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка” разам з вучнямі мясцовых школ ствараюць каляровы вобраз нашай Радзімы з дапамогай палітры фарбаў.  

     Першая сустрэча з вучнямі 5 “В” класа Іўеўскай СШ, якая адбылася 17 лютага, мела назву “Ясная, светлая, чыстая, пяшчотная, белая ‒ Беларусь!” і была прысвечана БЕЛАМУ колеру.

     Супрацоўнікі бібліятэкі разам з вучнямі разважалі на тэму, чаму белы колер у беларусаў у павазе. Нагадалі неафіцыйныя сімвалы Беларусі: белага бусла, нацыянальнае аддзенне, вонкавае аблічча беларуса і г.д. Вельмі спадабаліся дзецям заданні ў групах: складаць выявы альбо назвы неафіцыйных сімвалаў краіны.

     Не было роўных дзяўчынкам у гульнях “Перакладчыкі” і “Цудоўны мяшочак”, бо яны вельмі добра валодалі роднай мовай і ведалі шмат твораў беларускай літаратуры.

     Закончыўся урок “малявання” белым колерам прыгожымі вершамі ў выкананні вучняў.

    Мы працягнем падарожнічаць па родным краі, каб яшчэ і яшчэ раз упэўніцца, што наша Беларусь прыгожая, цікавая, рознакаляровая краіна!

17.03.2022

     17 сакавіка супрацоўнікі Іўеўскай раённай бібліятэкі запрасілі вучняў 5 “В” класа на чарговы ўрок “малявання” пад назвай “Беларусь з блакітнымі вачыма”.

      На гэты раз размова вялася пра СІНІ колер. Дзеці адказвалі на пытанне: “Чаму мы называем нашу Беларусь сінявокай?", успаміналі, якія рэкі ў краіне “галоўныя” і чаму так лічаць.

      Вучні з вялікім задавальненнем і цікавасцю прынялі ўдзел у гульні “Назаві лішняе”, разгадвалі рэбусы, у якіх схаваліся назвы рэк Беларусі. Пасля прысутныя склалі свой “топ” самых-самых … рэк і азёр, а затым больш падрабязна пазнаёміліся з рэкамі, азёрамі і вадасховішчамі Іўеўскага краю.

      Завяршыўся ўрок “малявання” праглядам прыгожай відэаверсіі легенды пра возера Чад Іўеўскага раёна (з відэарэсурсаў інтэрнэт-праекта ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка” Легенды і паданні Іўеўшчыны).

Эка-факт
"Адчыні таямніцы роднага краю"

21.04.2022

     Беларусь – цікавы і непаўторны край. Нямала тут цудоўных куткоў, якія пакідаюць незабыўны след у памяці кожнага, хто тут жыве або наведвае яго ў якасці госця.

    21 красавіка ўдзельнікі праекта “Беларускі чацвер. Мы малюем Беларусь” (вучні 5 “В” класа Іўеўскай сярэдняй школы) сабраліся на чарговы ўрок “малявання” “Адчыні таямніцы роднага краю” ў Іўеўскай раённай бібліятэцы. На гэты раз размова ішла пра ЗЯЛЁНЫ колер.

   Зялёны колер “паведаміў” прысутным пра некаторыя эка-факты з жывёльнага і расліннага свету Беларусі. У ходзе мерапрыемства дзеці даведаліся пра дзяржаўныя запаведнікі і заказнікі, пазнаёміліся з “Чырвонай кнігай Беларусі” і “Чорнай кнігай Беларусі”.

    Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі напісалі на “бярозавых” лісточках свае самыя шчырыя пажаданні роднай краіне і прымацавалі іх да імправізіраванага дрэва.

Літаратурна-музычная кампазіцыя
"Аб мінулым для будучыні"

21.04.2022

Літаратурна-музычная кампазіцыя
"І няхай пакаленні памятаюць!"

06.05.2022

Краязнаўчае падарожжа
"Гартаючы старонкі гісторыі"

20.05.2022

      У межах праекта “Беларускі чацвер. Мы малюем Беларусь” супрацоўнік бібліятэкі-філіяла аг. Ліпнішкі Захарэвіч Т.С. запрасіла ўсіх жадаючых на літаратурна-музычную кампазіцыю “Аб мінулым  ̶ для будучыні”. Мерапрыемства было прымеркавана да Дня Перамогі і да Года гістарычнай памяці.

    ЧОРНЫМ колерам бібліятэкар прадставіла вайну праз прызму падзей толькі аднаго з куткоў Беларусі - сваёй малой радзімы. Падчас мерапрыемства вядучыя расказалі аб тым, што Вялікая Айчынная вайна была адным з самых цяжкіх выпрабаванняў для жыхароў вёскі Ліпнішкі. На мерапрыемстве прысутнічала Горбач Тамара Васільеўна, гісторык і краязнаўца, якая падрабязна пазнаёміла з гісторыяй ліпнішкоўскіх яўрэяў, поўнай болю, трагізму і смутку.

     Асаблівую атмасферу ўрачыстасці і светлага смутку надалі мерапрыемству вершы і песні ваенных гадоў у выкананні дзяцей і супрацоўнікаў аддзелаў культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадкоў Ліпнішкі і Геранёны.

   Да  Дня Перамогі супрацоўнік Лаздунскай бібліятэкі-філіяла сумесна з работнікамі аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы правялі ў межах праекта “Беларускі чацвер. Мы малюем Беларусь!” літаратурна-музычную кампазіцыю “І няхай пакаленні памятаюць!”. Для “малявання” бібліятэкар выбрала ЧОРНЫ колер – колер памяці пра загінуўшых, пра спаленыя вёскі, пра генацыд нашага народа… .

   Падчас творчай імпрэзы гледачы мелі магчымасць перажыць разам з героямі інсцэніровак самыя асноўныя, самыя трагічныя моманты вайны, якія назаўжды змянілі лёсы дзясяткаў мільёнаў чалавек. Не абмінулі жахі вайны і жыхароў вёскі Лаздуны.

    Пляхіна А.І, работнік бібліятэкі-філіяла аг. Лаздуны І, падрыхтавала кніжную экспазіцыю “Памятаем”, а таксама вельмі цікава расказала пра землякоў-ветэранаў, пра барацьбу з ворагам на тэрыторыі малой радзімы.

    На мерапрыемстве гучалі вершы і песні ваенных гадоў у выкананні вучняў Бобравіцкай школы і супрацоўнікаў аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аг.Лаздуны І.

    Літаратурна-музычная кампазіцыя нікога не пакінула абыякавым. Да апошняй хвіліны ўсе гледачы, нават маленькія дзеці, не маглі адвесці вачэй ад сцэны, уражаныя прадстаўленнем.

     На краязнаўчае падарожжа па нашай краіне і Трабскай зямлі "Гартаючы старонкі гісторыі" ў межах праекта “Беларускі чацвер. Мы малюем Беларусь!” запрасіла бібліятэка-філіял аг.Трабы.

    Бібліятэкар выбрала БЕЛЫ колер, таму што гэта колер незалежнасці, маральнай чысціні і мудрасці, і гэтыя якасці павінен свята захоўваць у сваёй душы кожны беларус.

     Падчас падарожжа ўдзельнікі мерапрыемства даведаліся шмат цікавага пра мінулае Беларусі, пра прыродныя скарбы нашай Радзімы, пазнаёміліся з гісторыяй Трабаў. На мерапрыемства была запрошана Горбач Т.М., настаўніца, якая нарадзілася і працавала ўсе сваё жыццё на Трабскай зямлі. Яна з вялікім захапленнем расказала пра сваіх аднавяскоўцаў, пра мінулае вёскі. У гады Вялікай Айчыннай вайны на франтах мужна ваявалі жыхары Трабаў: Фралоў М.М., Вайцяховіч В.П., Гурын І.П., Клінцавіч М.А., Гарбачэўскі П.А. і многія іншыя героі, якія назаўседы застануцца ў памяці. У цэнтры мястэчка знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, загінуўшых пры вызваленні вёскі.

      Да мерапрыемства была аформлена кніжная экспазіцыя “Пачатак усяму – зямля тваіх бацькоў”.

      На памяць аб сустрэчы дзеці атрымалі сціплага Бусліка, які прынясе шчасце ў кожны дом і будзе напамінаць пра любоў да роднай зямлі, да Бацькаўшчыны.

  

Краязнаўчы ўрок
"Падарожжа ў часе і прасторы"

26.05.2022

     Да Года гістарычнай памяці і ў межах праекта “Беларускі чацвер. Мы малюем Беларусь!” супрацоўнік бібліятэкі-філіяла аг. Геранёны сумесна з работнікамі аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы правялі краязнаўчы ўрок “Падарожжа ў часе і прасторы”. Для “малявання” бібліятэкар выбрала ЧЫРВОНЫ колер.

      Чырвоны колер – гэта колер гонару і славы, колер сэрца, колер кахання. Прыгожая гісторыя кахання вялікага князя ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста і Барбары Радзівіл ужо даўна стала "візітоўнай карткай" не толькі Геранён, але і раёна ў цэлым. Сэрца, прабітае мячом на гербе Геранён, – гэта нібыта рэха таго незвычайнага кахання, а рэшткі Геранёнскага замка – маўклівыя сведкі гісторыі.

     Мясцовы краязнаўца Смалянічэнка А.І. пазнаёміла прысутных з цікавымі фактамі пра паходжанне назвы "Геранёны". Дзякуючы элементам тэатралізацыі ўдзельнікі мерапрыемства здзейснілі сапраўднае “падарожжа ў часе і прасторы”, даведаліся шмат цікавага пра мінулае малой радзімы, пра мясцовыя помнікі архітэктуры, пра легендарных асоб, чые імёны ўпісаны ў гісторыю края.

Гістарычны экскурс
"Я родом не из детства
- из войны"

26.05.2022

    Да Года гістарычнай памяці ў межах праекта “Беларускі чацвер. Мы малюем Беларусь” ў Іўеўскай раённай бібліятэцы  быў праведзены гістарычны экскурс “Я родом не из детства – из войны”.

    На гэты раз размова ішла пра ЧОРНУЮ, трагічную старонку гісторыі Іўеўшчыны, пра лёсы дзяцей вайны, пра гісторыю стварэння Іўеўскага сіроцкага дзіцячага дома.

    Падчас творчай імпрэзы дзеці мелі магчымасць перажыць разам з героямі інсцэніроўкі самыя асноўныя, самыя трагічныя моманты вайны, якія назаўжды змянілі лёсы дзяцей. Намеснікам дырэктара Віктаравай А.В. была праведзена прэзентацыя выдавецкай працы супрацоўнікаў раённай бібліятэкі – брашуры “Я родом не из детства – из войны…: история Ивьевского сиротского детского дома”.

    Праходзяць дні, змяняюцца пакаленні, але нязменнай застаецца памяць аб трагічных падзеях вайны... Наш святы абавязак – заўсёды памятаць аб гэтым і перадаваць напамін пра вайну нашым дзецям, каб гэта ніколі не магло паўтарыцца.

  

Квэст-гульня
"Івейскія рабінзоны"

17.06.2022

    У чэрвені супрацоўнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі Іўеўскай раённай бібліятэкі запрасілі ўдзельнікаў праекта “Беларускі чацвер. Мы малюем Беларусь” на экалагічную квэст-гульню “Івейскія рабінзоны”. Для “малявання” бібліятэкары выбралі ЗЯЛЁНЫ колер. Гульня праводзілася з мэтай пазнаёміць прысутных з прыроднымі асаблівасцямі роднай Іўеўшчыны.

    На першай станцыі “Зялёная” дзяцей сустракаў гаспадар лесу Лясун, які правёў віктарыну “Лясная аптэка”, гульню “Ядомае-неядомае”, а таксама танцавальны флэшмоб “Звяры ішлі на вадапой”. На станцыі “Балотная” юных турыстаў сустракала Балотная ведзьма. Яна рассказала пра балоты Іўеўскага раёна. Затым ведзьма прапанавала дзецям паслухаць легенду “Слёзы-ягады журавінавага балота” (з рэсурсаў інтэрнэт-праекта “Легенды і паданні Іўеўшчыны), а пасля ўсе дружна адказвалі на яе пытанні і ўдзельнічалі ў конкурсе “Па ягады”. На наступнай станцыі “Блакітная” падарожнікаў сустрэў Рыбак. Тут яны паслухалі легенду пра “Сіняе возера” (з рэсурсаў інтэрнэт-праекта Легенды і паданні Іўеўшчыны), а затым прынялі ўдзел у флэшмобе “А рыбы плавалі вось так!”.

     Завяршылася мерапрыемства гутаркай пра неабходнасць беражлівых адносін да скарбаў роднай прыроды.

Краязнаўчае падарожжа
"Край над Нёманам"

15.07.2022

     У кожнага з нас ёсць любыя сэрцу з дзяцінства мясціны. У дарослых, якія калісьці таксама былі дзецьмі, успаміны пра такія месцы, бадай, самыя яркія і цікавыя. Менавіта тут заўважаеш прыгажосць першай кветкі, хараство бярозавага гаю, павольную плынь вады, шорах азёрнай хвалі або поўны таямнічых гукаў лес, напоўнены водарам суніц, чарніц, грыбоў. І ўсё гэта наша маленькая радзіма. З такіх куточкаў і складаецца наша Беларусь.

    15 ліпеня ў межах праекта “Беларускі чацвер. Мы малюем Беларусь!” у бібліятэцы-філіяле аг. Морына прайшло краязнаўчае падарожжа “Край над Неманам”, прысвечанае малой радзіме. Вёска Морына знаходзіцца на беразе прыгожай ракі Нёман, таму асноўным колерам мерапрыемства быў абраны СІНІ.

      Падчас падарожжа дзеці пазнаёміліся з гісторыяй вёскі, з рознымі легендамі пра паходжанне ракі Нёман, прынялі удзел у краязнаўчых віктарынах і конкурсах. Бібліятэкар расказала прысутным пра беларускіх аўтараў, якія ўзгадвалі Неман у сваіх творах.

      Цікавым дапаўненнем падарожжа стала экскурсія па краязнаўчай экспазіцыі “Тут Радзімы маёй пачатак”, размешчанай у бібліятэцы. Адным з экспанатаў з’яўляецца човен, выраблены з суцэльнага дубу, якому больш за 300 год.

   Завяршылася краязнаўчае падарожжа аглядам літаратуры, прадстаўленай на выставе “Бацька наш Неман”, і ўзнагароджваннем пераможцаў конкурса малюнкаў “Нёман – краса і гонар Морына”.

Літаратурная вандроўка
"На гістарычнай машыне часу"

08.09.2022

    У верасні супрацоўнік бібліятэкі-філіяла г.п. Юрацішкі правяла літаратурную вандроўку “На гістарычнай машыне часу”  для вучняў 7 класа мясцовай школы. Мерапрыемства было арганізавана ў рамках праекта “Беларускі чацвер. Мы малюем Беларусь” і прымеркавана да Дня беларускага пісьменства і друку. Асноўным колерам стаў колер сонца, жыцця, асветы - ЖОЎТЫ.

    Падарожжа ў мінулае нашай краіны пачалося з дыялогу паміж бібліятэкарам і дзецьмі пра гісторыю станаўлення і развіцця беларускага пісьменства. Цікава і актыўна прайшла віктарына на веданне беларускіх асветнікаў і творцаў, якія аб’ядноўвалі народ магутнай сілай слова. За кожны правільны адказ даваліся пазлы, з якіх потым дзеці сабралі карту Беларусі з гарадамі-сталіцамі Дня беларускага пісьменства і друку. Гэтыя гарады з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Прысутныя пазнаёміліся з гісторыяй свята і паглядзелі два відэароліка.

    На працягу вандроўкі гучалі вершы беларускіх паэтаў: Л. Сільновай, М. Багдановіча, Я. Купалы, Г. Бураўкіна ў выкананні вучняў, былі праведзены агляды кніжных выстаў “Беларускія асветнікі-першадрукары” і “Пісьменнікі-землякі”.

      Напрыканцы мерапрыемства бібліятэкар спытала ў дзяцей, ці годны наш г. Іўе прыняць Дзень беларускага пісьменства і друку. Адказаў было вельмі шмат, а каб абгрунтаваць, што годны, настаўніца прапанавала цікавую гістарычную інфармацыю аб нашым краі.

Урок знаёмства
"Займай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!"

15.09.2022

    Чарговы ўрок “малявання” ў межах праекта для вучняў 6 “В” класа Іўеўскай сярэдняй школы адбыўся 15 верасня і быў прысвечаны Дню народнага адзінства. На гэты раз галоўным колерам мерапрыемства пад назвай “Займай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!” стаў ЧЫРВОНЫ.

   Падчас урока бібліятэкары разам з вучнямі адправіліся ў завочнае падарожжа па роднай зямлі, успомнілі галоўныя дзяржаўныя святы – чырвоныя даты календара, разважалі пра колеры дзяржаўнай сімволікі і сімволікі горада Іўя. З вялікім задавальненнем дзеці прынялі ўдзел у віктарыне “Мы –  беларусы” і паказалі добрае веданне нацыянальнай спадчыны.

    Іўеўшчына – зямля з багатай шматвяковай гісторыяй. Сведчаннем гістарычных падзей, якія адбываліся тут у розны час і пакінулі пэўны след, з’яўляецца наяўнасць на тэрыторыі Іўеўскага раёна мноства помнікаў і памятных месцаў.  Дзецям з дапамогай картак з QR-кодамі было прапанавана павандраваць па нашым горадзе, дзе яны даведаліся цікавыя гістарычныя звесткі.

    Закончыўся урок “малявання” прыгожым вершам М. Пазняка “Наш сцяг” ў выкананні Розумнюка Ягора.

    Праведзенае мерапрыемства дало нам магчымасць яшчэ раз адчуць і зразумець, што мы жывём у цудоўнай і непаўторнай, багатай на гістарычныя падзеі краіне. Пакуль мы паважаем сваіх продкаў, не забываемся на свае карані, паважаем Радзіму, мы існуём як народ, як нацыя.

Экалагічная гульня
"Сцежкамі Радзімы"

22.09.2022

    23 верасня супрацоўнік бібліятэкі-філіяла аг.Суботнікі ў межах праекта “Беларускі чацвер. Мы малюем Беларусь” і раённага конкурсу на лепшае краязнаўчае мерапрыемства “Аб мінулым – для будучыні” правяла гульню-падарожжа “Сцяжынкамі малой радзімы”. Асноўным колерам для “малявання” роднага краю быў абраны ЗЯЛЁНЫ.

Падчас мерапрыемства бібліятэкар гутарыла з дзецьмі пра малую радзіму, пра яе гісторыю і мясцовыя архітэктурныя помнікі, пра неафіцыйныя сімвалы нашай краіны (бульба, валошкі, зубры і інш.).

     З вялікім задавальненнем і цікавасцю юныя падарожнікі выконвалі заданні конкурсаў: “Зялёная аптэка”, “Свет жывёлаў”, “Свет раслінаў”, разгадвалі філворды, рэбусы, загадкі, прымалі ўдзел у гульнях “Бульбачка” і “Складзі слова”.

    На працягу падарожжа ўсе ўдзельнікі не толькі паказалі добрыя веды аб сваёй малой радзіме, аб нашым цудоўным Іўеўскім крае, аб яго раслінным і жывёльным свеце, але і даведаліся шмат цікавага, атрымалі мора пазітыўных эмоцый.

Гадзіна гісторыі
"Ведай і любі свой край"

29.09.2022

Фальклорнае падарожжа
"Край свой родны абыду, скарбы  розныя знайду"

20.10.2022

     9 верасня ў бібліятэцы-філіяле аг.Центральная адбыўся краязнаўчы вечар “Ведай і любі свой край”, удзел у якім прынялі чытачы рознага ўзросту. Мерапрыемства ладзілася ў межах праекта “Беларускі чацвер. Мы малюем Беларусь” і раённага конкурсу на лепшае краязнаўчае мерапрыемства “Аб мінулым – для будучыні”. На гэты раз галоўным колерам быў ЧЫРВОНЫ.

    У цэнтры ўвагі прысутных была гісторыя малой радзімы – аграгарадка Цэнтральная, цесна пераплеценая з жыццём краіны і лёсамі аднавяскоўцаў.

     Да  мерапрыемства дзеці падрыхтавалі цікавыя паведамленні пра мясцовыя помнікі гісторыі і культуры, падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пра вядомых землякоў, чыталі прыгожыя вершы, прысвечаныя роднаму краю. Удзельнікі сталага ўзросту дзяліліся з маладым пакаленнем сваімі ўспамінамі пра былы час, пра аднавяскоўцаў. Вельмі  шчымлівым і кранальным да глыбіні душы атрымаўся расказ мясцовай жыхаркі пра пакуты і жудасныя выпрабаванні, што перажыў у ваенны час яе бацька Галавенка Станіслаў – былы вязень канцэнтрацыйных лагераў смерці.

     Напрыканцы краязнаўчага вечару ўдзельнікі наведалі музейную экспазіцыю “Гісторыя і побыт аг. Цэнтральная”, дзе пазнаёміліся з вырабамі таленавітых мясцовых майстроў, старадаўнімі рэчамі штодзённага побыту, з архіўнымі фотаздымкамі і ўзнагародамі – увасабленнем баявой і працоўнай славы землякоў.

       Мы прадоўжылі наша падарожжа па Радзіме з дапамогай рознакаляровых фарбаў у межах праекта “Беларускі чацвер. Мы малюем Беларусь!”. 20 кастрычніка ўдзельнікі праекта, вучні 6 “В” класа Іўеўскай сярэдняй школы, сумесна з бібліятэкарамі і загадчыкам аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Смірновай І.Р. адправіліся ў краязнаўчае падарожжа “Край свой родны абыду, скарбы розныя знайду”, якое было прысвечана ЖОЎТАМУ колеру.

      “Малюючы жоўты колер”, вядучыя звярнулі асаблівую ўвагу на салому. Зерне і салома – дар прыроды, старажытны сімвал урадлівасці. З цягам часу на Беларусі зарадзіỳся народны мастацкі промысел − саломапляценне. Мастацкія творы саломапляцення паэтычна называюць “беларускім золатам”.        

       Ірына Рэгінальдаўна Смірнова пазнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства з дзейнасцю сучасных майстроў Іўеўшчыны па саломапляценні. Іх творчасць увайшла ў “Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення”, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Дзеці з задавальненнем прынялі ўдзел у майстар-класе “Золата саломкі”, які правяла загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.

      Завяршыўся ўрок аглядам літаратуры з выставы “Цеплыня душы ў звычайных рэчах”. Хочацца адзначыць, што адметнай асаблівасцю рэчаў, прадстаўленых на выставе, з’яўляецца тое, што ўсе яны выраблены ўручную. Бібліятэкары паспрабавалі данесці дзецям, які сімвалічны сэнс тоіцца за звыклымі рэчамі.

Выніковае мерапрыемства:
творчая майстэрня
“Ганаруся табой, Беларусь!”

08.12.2022

   Вось і завяршылася наша ўнікальнае падарожжа па Радзіме з дапамогай рознакаляровых фарбаў у межах праекта “Беларускі чацвер. Мы малюем Беларусь!”.

    8 снежня супрацоўнікі Іўеўскай раённай бібліятэкі і вучні 6 “В” класа Іўеўскай сярэдняй школы прынялі ўдзел у рабоце творчай майстэрні “Ганаруся табой, Беларусь!”, якая была прысвечана ЎСІМ КОЛЕРАМ ПРАЕКТА.

    Было вельмі цікава і пазнавальна: Беларусачка,  Маляваныч (хлопчык Жэня) і ўсе прысутныя разам “малявалі” Беларусь. Стварэнню святочнай атмасферы садзейнічалі цудоўныя вершы і песні пра Радзіму, беларускія народныя танцы, тэатралізаваныя інсцэніроўкі, дэфіле ў народных касцюмах і зажыгальны флэшмоб ў выкананні юных удзельнікаў мерапрыемства.

    Вынікі праекта “Беларускі чацвер. Мы малюем Беларусь!” падвяла дырэктар ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка” Святлана Абрыеўна Мірончык. Яна адрасавала дзецям словы падзякі за актыўны ўдзел у праекце і ўручыла ім граматы і падарункі.

     Да мерапрыемства была падрыхтавана выстава “Беларусь у маім сэрцы”.

bottom of page