электронны даведнік
ВЯРТАЕМ ЗАБЫТЫЯ ІМЁНЫ
Ільдэфонс Бобіч (Пётра Просты)
Дата апошняга абнаўлення: 07.09.22 г.

“У аднаго толькі П. Простага ёсць праўдзівая здольнасць. Галоўная вартасць яго – у стройным развіцці думкі ды ў сціснутасці і гучнасці мовы, надзвычай пенкнай па свайму складу”.
Максім Багдановіч

Невядомы аўтар...
Першыя творы Пётры Простага з’явіліся ў 1907 годзе, было тады аўтару 17 гадоў. Менш як праз паўгода пасля заснавання газеты “Наша Ніва”, на яе старонках пабачыла свет апавяданне “Слёзы”.
Кароткі твор – усяго некалькі абзацаў – перадае каласальную па глыбіні чалавечую драму – гісторыю роспачы і надзеі, болю і выратавання, веры ў чалавечнасць. Ужо ў першым апавяданні дэбютант выявіў свае асабістыя прыкметы стылю, якія на працягу ўсяго творчага шляху будуць вылучаць Пётру Простага з ліку іншых паэтаў і празаікаў. Творы аўтара настолькі ўзважаныя ў лексічна-ідэйна-кампазіцыйным плане, што з іх цяжка апусціць хоць бы адзін сказ.
У 1909 годзе ў газеце “Наша Ніва” з прысвячэннем Якубу Коласу было апублікавана апавяданне “Абразкі”. “Абразкі” былі перакладзены на ўкраінскую мову i друкаваліся ў штомесячніку “Украінская хата” (Кіеў, №7-8).
Пётра Просты разважае ў творы пра гістарычнае мінулае і будучыню Беларусі, яе духоўную сутнасць, пра лёс тых, хто жыве на беларускай зямлі. Змест і форма “Абразкоў” ужо даюць усе падставы, каб назваць талент Ільдэфонса Бобіча цалкам сфарміраваным. Яго светапоглядная аснова – хрысціянска-гуманістычная, ахвярна-слугоўная.
Згадваў Пётру Простага і Сяргей Палуян у артыкуле “Беларуская літаратура ў 1909 гаду”: “Пётр Просты даў адну з лепшых рэчаў таго часу – “Абразкі” – ды і затрымаўся на гэтым…”.
Чаму аўтар “затрымаўся на гэтым” можна растлумачыць тым, што Ільдэфонс Бобіч выбраў сабе дарогу святара (1909-1911 гг.). Магчыма ў душы маладога святара адбывалася змаганне паміж літаратарам П. Простым і святаром Ільдэфонсам Бобічам. Час пазней пакажа, што перамог усё ж такі святар, але… .
У 1914 годзе асобным выданнем выйшла кніжачка Пётры Простата “Нашто беларусам газеты?". У ей аўтар грунтоўна i пераканаўча тлумачыць патрэбу беларускага друку. На яго думку, газета − гэта не толькі крыніца розных ведаў, парад, рознай інфармацыі, але i школа выхавання, i шлях да асветы.
Маральна-этычныя матывы ў “чыстым выглядзе” прасочваюцца ў п’есе “Свякроўка”, напісанай у 1917 годзе (апублікавана ўпершыню ў 1995 годзе ў часопісе “Свіцязь”). П’еса прасякнута хрысціянскімі прынцыпамі несупраціўлення злу. Аўтар надзяляе сваіх герояў цярпеннем і спадзяваннем на лепшае. У выніку канфліктную сітуацыю вырашае сам Бог, які карае зло. П'еса дапамагае ўсвядоміць, што, хоць і змяняюцца часы і людзі, змяняюцца ўмовы і спосаб жыцця, але праблемы ў сем’ях, у міжасабовых стасунках, з якімі сутыкаецца чалавек, такія ж самыя.
Адметнасцю святарскай працы Ільдэфонса Бобіча былі яго беларускамоўныя казанні. У 1921-1922 гадах ён выдае працу ў трох кнігах пад назвай “Нядзельныя эвангеліі i навукі” – першы сучасны беларускі падручнік духавенства для амброны.
У 1920-1930-х гг. святар выдае на польскай мове некалькі даследванняў па тэорыі і практыцы прапаведніцтва.
Далейшыя звесткі пра жыццё і працу Ільдэфонса Бобіча вельмі скупыя. Вядома, што апошні перыяд жыцця Ільдэфонса Бобіча звязаны з мястэчкам Іўе, куды ў якасці ксяндза і дэкана Вішнеўскага дэканата ён быў пераведзены ў 1930 годзе. Тут напісаныя два тамы казанняў “Роднае слова ў касцёле” і “Навучайце ўсе народы”, так і не выдадзеныя да сёння.
Перыяд актыўнай літаратурна-мастацкай дзейнасці Пётры Простага дастаткова кароткі. Аднак у сціплай спадчыне гэтага пісьменніка, як у люстэрку, адбіліся павага да “простага” чалавека, шчырае імкненне служыць пакрыўджаным і зняважаным, нарэшце, апора на спрадвечныя хрысціянскія каштоўнасці – веру, надзею, любоў.
Для гісторыі беларускай культуры ХХ ст. постаць Пётры Простага – прыклад таго, як праз малое, прыватнае жыве, развіваецца, набірае моц вялікае – уся нацыянальная літаратура ў цэлым.

Два гады супрацоўніцтва Ільдэфонса Бобіча з газетай “Belarus”(1913-1914) – можна смела назваць зорным часам Бобіча-пісьменніка. Ідэйныя пошукі аўтара разгортваюцца ў напрамку ўзмацнення рэлігійнага пачатку адраджэнскімі матывамі.
Большасць твораў Пётры Простага была надрукавана ў газеце “Belarus” (1913 №16, 25, 39; 1914 № 1, 2, 4).
Адным з самых цікавых твораў з’яўляецца рэлігійна-публіцыстычная малітва-казанне “Ойча наш Беларуса”. Кожная з напоўненых высокім духоўным сэнсам просьбаў, уключаных у кананічны тэкст малітвы, знаходзіць у Пётры Простага надзейную для беларуса інтэрпрэтацыю, а сам твор гучыць як пранікнёна-балючае маленне за Беларусь і беларусаў.
