электронны даведнік
ВЯРТАЕМ ЗАБЫТЫЯ ІМЁНЫ
Ільдэфонс Бобіч (Пётра Просты)
Дата апошняга абнаўлення: 07.09.22 г.
1890-1944 гг.
Наша Іўеўшчына была б зусім бедная на літа-ратурныя імёны, калі б праз смугу гадоў i за-быцця не ўсплыло на нашых вуснах імя бы-лога Іўеўскага ксяндза Ільдэфонса Бобіча.
У гісторыі раёна ён застаўся для многіх не толькі як святар, адданы беларускай справе, увя-дзенню роднага слова ў касцёле, але i як ас-ветнік, гуманіст, пісь-меннік.
... Чалавекам быў ён простым...
Гісторыя кожнага мястэчка складаецца з лёсаў людзей, якія сваім талентам, дасягненнямі ў жыцці, добрасумленнай працай праслаўлялі свой родны край.
Іўеўшчына багата на такіх асоб. Але з цягам часу імёны гэтых людзей забываліся, і мала хто з нашых сучаснікаў ведае пра іх.
Сумесна з мясцовымі краязнаўцамі і чытачамі, неабыякавымі да гісторыка-культурнай спадчыны малой радзімы, работнікі Іўеўскай раённай бібліятэкі распрацавалі серыю інфармацыйных бюлетэней “Вяртаем забытыя імёны” – гэта праўдзівыя гісторыі з жыцця легендарных асоб, якія ўнеслі значны ўклад у гісторыю і культуру Іўеўшчыны. Усяго на канец 2021 года выдадзена 10 работ.
У 2022 годзе супрацоўнікі бібліятэкі прыступілі да працы над электронным краязнаўчым даведнікам “Вяртаем забытыя імёны”, асновай для стварэння якога сталі ўжо наяўныя матэрыялы ў друкаваным фармаце.
Асаблівую цікавасць у бібліятэкараў, краязнаўцаў і чытачоў выклікалі матэрыялы пра Ільдэфонса Бобіча – былога ксяндза Іўеўскага касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла, святара, доктара філасофіі, празаіка, публіцыста, перакладчыка – асобу, значную не толькі ў маштабах гістарычнага і літаратурнага краязнаўства, але і, наогул, нацыянальнай гісторыі і літаратуры. Менавіта з гісторыі гэтага неардынарнага чалавека і распачынаецца праца над электронным краязнаўчым рэсурсам.
Пры падрыхтоўцы электроннага даведніка выкарыстаны як бібліяграфічныя, фактаграфічныя, так і паўнатэкставыя матэрыялы з фондаў ДУК "Іўеўская раённая бібліятэка", НББ, ДУК "Іўеўскі музей нацыянальных культур", дакументы з асабістых архіваў мясцовых краязнаўцаў. Таксама выкарыстаны некаторыя фотаздымкі і публікацыі з вольных крыніц сеткі Інтэрнэт.

Ільдэфонс Бобіч стаіць каля самых вытокаў сучаснай беларускай прозы, як Цётка, Ядвігін Ш., Якуб Колас. У пачатку ХХ стагоддзя ён атрымаў вядомасць як беларускі пісьменнік, які друкаваў свае празаічныя творы ў газетах “Наша ніва”, “Наша думка”, “Беларускія ведамасці”, “Беларус” (“Bielarus”) пад псеўданімам Пётра Просты.
Перыяд актыўнай літаратурна-мастацкай дзейнасці Пётры Простага даволі кароткі. Аднак у сціплай спадчыне гэтага пісьменніка ўвасоблены павага да “простага” чалавека, шчырае імкненне служыць пакрыўджаным і зняважаным, спрадвечныя хрысціянскія каштоўнасці – вера, надзея, любоў.
На жаль, у сучасны перыяд імя Ільдэфонса Бобіча мала вядома шырокаму колу чытачоў. У літаратуразнаўчых працах ён найчасцей сустракаецца толькі ў пераліках – сярод іншых імёнаў пачынальнікаў беларускай прафесійнай прозы. На сённяшні дзень адсутнічае поўная бібліяграфія тэкстаў Пётры Простага, не вызначаны этапы творчай эвалюцыі пісьменніка. У даведніках і энцыклапедыях змешчаны фактаграфічныя, да таго ж далёка не поўныя і не зусім дакладныя звесткі пра жыццёвы і творчы шлях І. Бобіча. Мастацкія і публіцыстычныя творы пісьменніка, якія публікаваліся ў беларускіх перадычных выданнях першай трэці ХХ ст., так і не былі сабраны пад адной вокладкай ні самім аўтарам, ні яго нашчадкамі-паслядоўнікамі.
Упершыню адносна поўна постаць гэтага паўзабытага літаратара была прадстаўлена ў 2005 годзе, калі ў анталогіі “Скрыжалі памяці” (у 3 кн.) надрукавалі адразу 7 тэкстаў Пётры Простага. Але многія прабелы ў звестках пра літаратурную і грамадска-культурную дзейнасць гэтай выдатнай асобы так і застаюцца невядомымі па сённяшні дзень.
У працэсе знаёмства з архіўнымі дакументамі і ўспамінамі сучаснікаў святара бібліятэкары даведаліся, што ў яго была вялікая бібліятэка кніг XVIII-XIX стагоддзяў з асабістым экслібрысам. Пасля смерці Ільдэфонса Бобіча большая частка выданняў была спалена, іншыя – разабралі людзі.
З улікам вышэйпералічанага былі вылучаны задачы пошукава-даследчай дзейнасці па збору, сістэматызацыі, афармленню і далейшай папулярызацыі матэрыялаў пра Ільдэфонса Бобіча:
- сабраць, вывучыць, сістэматызаваць і абагульніць разроненыя звесткі аб жыцці і творчасці І. Бобіча, і, як вынік, прадставіць карыстальнікам найбольш поўную інфармацыю пра легендарную асобу;
- знайсці і сабраць пад адной вокладкай творы І. Бобіча;
- правесці пошукавую работу выданняў з уласнай бібліятэкі Бобіча (падцверджаных экслібрысам, подпісам);
- паказаць ролю І.Бобіча ў гісторыі і культуры Іўеўшчыны, прыцягнуць увагу грамадскасці да гістарычнага мінулага малой радзімы.
Работа па збору і папулярызацыі інфармацыйных матэрыялаў пра Ільдэфонса Бобіча і іншых легендарных асоб Іўеўскай зямлі будзе працягвацца.
*Звяртаемся за дапамогай да ўсіх, хто валодае дакладнай інфармацыяй пра нашага земляка і жадае прыняць удзел у папаўненні (удакладненні) прадстаўленай інфармацыі.